Маршруты выходного дня

Туристический маршрут «МАРШРУТАМИ ПАМЯТИ»

Пяць цудаў аграгарадка Новы Двор

Асаблівай пашанай і глыбінёй гістарычных звестак валодаюць каталіцкія храмы. У кожным раённым цэнтры існуе свой касцёл і царква, а практычна ўсе невялікія беларускія мястэчкі і вёсачкі могуць «пахваліцца» наяўнасцю хоць бы аднаго старажытнага храма. Не выключэннем стала і вёска Новы Двор, у якім да нашых дзён захаваўся касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Гэтая пабудова ярка прэзентуе архітэктурны стыль народнага дойлідства. Гэта, дарэчы, адзiн з тых драўляных будынкаў, якi захаваўся да гэтага моманту амаль у першапачатковым выглядзе. А касцёлу гэтаму ўжо некалькі стагоддзяў! Будынак быў узведзены ў 1749 годзе на месцы папярэдняга храма. Рэстаўрацыі святыня падверглася ў канцы XIX стагоддзя. Паблізу будынка можна ўбачыць старадаўнюю званіцу, якая з'явілася тут яшчэ ў 1852 годзе.

Інтэр'ер храма дапаўняюць шэсць слупоў, якія звязаны адзін з адным двума падоўжанымі радамі. Менавіта гэтыя велічныя старадаўнія слупы падтрымліваюць столь. У храме размяшчаюцца цэлых тры алтары, якія выкананы ў стылі ракако. У сценах касцёла зроблены прамавугольныя вокны, якія па вертыкалі абабітыя дошкамі. Франтон на галоўным фасадзе аддзяляецца ад усяго будынка спецыяльна распрацаванымі карнізамі і мае гарызантальную ашалёўку.

Нягледзячы на тое, што сама пабудова драўляная, інтэр'ер унутранага строя касцёла вельмі вытанчаны і нават багаты. Нешматлікія храмы могуць пахваліцца наяўнасцю трох алтароў, да таго ж, тут вытанчана ўпрыгожаны дзверы з дапамогай нанясення пазалочанай разьбы. Асаблівую ўвагу вернікаў і гасцей прыцягвае наверша, аддзеленая ад іншых прадметаў інтэр'еру вобразамі галовак херувімаў, вазамі, картушы і каронай. У сярэдзіне ўсяго строя можна ўбачыць галоўны набытак храма - алтарны абраз Багародзіцы. Галоўны алтар трохі адрозніваецца ад бакавых алтароў: тыя, ў сваю чаргу, дэкаратыўна менш упрыгожаны.

Найбольшую цікавасць у касцёле выклікае арган, які з’яўляецца ўнікальным, дзякуючы рухаючымся часткам барочных фігур анёлкаў, якія стаяць абапал фасада. Гэта адзіны інструмент у Беларусі з такім эфектам, характэрным для эпохі барока. Анёлы стаяць абапал аргана ў выразных позах захаплення і абуджэння і трымаюць у руцэ звон. На ўзроўні локця адпаведнай рукі анёлка ўстаўлены шарнір, а ззаду прымацаваны рычаг з падпругай. Так, калі за рычаг павярнуць руку са звонам, то падпруга верне яе ў першапачатковы стан. На канцы рычага зроблена пятля, куды прымацоўвалася вяроўка, якая праз ададпаведную адтуліну ў корпусе аргана злучалася з незахаваўшымся механізмам. Акрамя рухаючыхся фігур анёлкаў, фасад аргана аздоблены фігурамі херувімаў і залатым драўляным разбеннем.

За некалькі сотен метраў ад Новага двара, зусім недалёка ад вёскі Вялікія Пугачы знаходзіцца Вялікі камень Пугачоўскі – валун граніту-рапаківі. Трапіў гэты каменны волат да нас са Скандынавіі каля 200 тысячаў гадоў таму і адносіцца да фінскага тыпу валуноў. Гэта геалагічны помнік прыроды рэспубліканскага значэння.

Даўжыня валуна – 8 м, шырыня – 7, вышыня (бачная) – 1,3, перыметр –21,9 м. Мае вагу больш за 130 тон. Гэты камень з’яўляецца трэцім па велічыні валуном на тэрыторыі Беларусі.

Доўгі час на валуны, раскіданыя па зямлі, людзі не звярталі асаблівай увагі: «Ну, ляжаць і няхай сабе ляжаць, абы пад нагамі не заміналі». А колькі гора прыносілі і прыносяць яны беларускім сялянам. Колькі працы трэба штогод, каб пазбіраць тыя камяні з поля."Колькі ні збірай, а яны, як грыбы, з зямлі растуць", – гавораць людзі. Аднак яны не растуць. Справа ў тым, што зімой, глеба, камяні з больш глыбокіх слаёў нібыта выціскаюцца бліжэй да паверхні. А затым ужо дапамагае зірнуць ім на белы свет узворванне глебы.

Дарэчы, усе камяні, якія маюць больш за дзесяць сантыметраў у папярэчніку, называюцца валунамі. Паходзіць гэтая назва ад славянскага «валяць», што даслоўна азначае валяцца ў самых розных мясцінах. Калі даследчыкі зацікавіліся валунамі, то здзівіліся. Выявілася, што гэта не мясцовыя камяні. Мясцовыя былі больш маладыя і больш мяккія. А прышэльцы — больш старадаўнія і цвёрдыя. Не адно стагоддзе прайшло, пакуль вучоныя выявілі, што камяні гэтыя не з Месяца зваліліся пад час вывяржэння вулканаў (была і такая гіпотэза), а прынесены ледніком, што некалі пакрываў Паўночную Еўропу. Разам з ледніком і прыйшлі валуны на Беларусь.

 

У самым цэнтры аграгарадка Новы Двор, амаль каля скрыжавання дарог знаходзіцца яўрэйская сінагога, якая была пабудавана мясцовымі яўрэямі ў пачатку ХХ стагоддзя.

З глыбокай старажытнасці сінагогу называюць на іўрыце "бейт-кнесет”, што літаральна азначае “дом сходу”. Сама назва "бейт-кнесет" падкрэслівае, што сінагога – гэта нешта большае, чым проста памяшканне для грамадскай малітвы. Сінагога – гэта, перш за ўсё, месца для малітвы. У іудаізме надаецца вялікае значэнне грамадскай малітве. Сінагога і ёсць такое месца, дзе абшчына збіраецца для малітвы. Для сінагогі не загадана ніякіх пэўных архітэктурных формаў. Закон патрабуе, каб памяшканне сінагогі мела вокны. Талмуд перасцерагае ад малітвы ў пакоі без вокнаў: людзі павінны бачыць неба. Пры ўваходзе ў будынак павінен быць вестыбюль, праходзячы які, чалавек пакідае намеры і клопаты матэрыяльнага свету, наладжваецца на малітву. Будынак арыентуюць на Ерусалім (сінагогі, якія знаходзяцца ў самым Ерусаліме, арыентаваны на Храмавую гару).

Яўрэйская абшчына ў Новым Двары з’явілася ў XVI стагоддзі. Мястэчка ў тыя часы адносілася да земляў Гродзенскай эканоміі. Новы Двор, як сведчаць гісторыкі, быў першым паселішчам з яўрэйскім насельніцтвам на Шчучыншчыне. Паводле інвентара каралеўскага мястэчка Новы Двор у 1561 годзе тут жыло 12 яўрэйскіх сем’яў. Характэрна, што яны займалі ў мястэчку 4 пляца на рынку і 8 пляцаў па вуліцы Дворнай, якая вяла да каралеўскага двара. Гэта падкрэслівае той факт, што менавіта княжацкая і каралеўская ўлада першапачаткова садзейнічала з’яўленню яўрэяў у Панямонні. Адзін пляц на вуліцы Дворнай быў вылучаны пад яўрэйскую школу. Яўрэйская абшчына расла і ужо ў 1897 годзе складала 81% жыхароў Новага Двара. Мясцовы гандаль быў галоўнай справай яўрэяў.

22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна. Знішчэнне яўрэяў на акупаванай тэрыторыі было адной з галоўных мэтаў Германіі ў вайне супраць Савецкага Саюза. У пачатку снежня 1941 года яўрэяў Новага Двара сагналі ў гета ў Астрына. 5 лютага 1943 года Астрынскае гета было ліквідавана. Фашысты растралялі 1969 яурэяў.

Сінагога ў Новым Двары з’ўляецца своеасаблівым помнікам яўрэйскаму народу, які жыў і ўносіў вялікі ўклад у развіцце нашай краіны.

Упершыню ў архіўных дакументах навучальная ўстанова адукацыі ў вёсцы Новы Двор упамінаецца ў 1900 годзе. Гэта была 3-классная пачатковая школа. З 1939 года школа стала сямігодкай. У 1951 годзе школа атрымала статус сярэдняй. Вучні займаліся ў пяці будынках. 25 чэрвеня 1954 года адбыўся першы выпуск: 23 вучні атрымалі атэстат аб заканчэнні Навадворскай сярэдняй школы. Чацвёрты выпуск 1957 года ўвайшоў у гісторыю тым, што ўпершыню выпускніку школы за выдатныя поспехі ў вучобе быў уручаны сярэбраны медаль. 15 кастрычніка 1962 года ўведзены ў строй сучасны двухпавярховы школьны будынак. Найбольшая колькасць вучняў у школе навучалася ў 1971 годзе – 750 чалавек, а педагагічны каллектыў складаўся з 42 настаўнікаў. У 1980 годзе выпускнікамі школы сталі 73 вучні. Гэта была максімальная колькасць выпускнікоў за ўсе гады існавання ўстановы адукацыі.

У 2007 годзе школа набыла новы выгляд у рамках рэспубліканскай праграмы па добраўпарадкаванні аграгарадкоў. З 2022 года школа перайменавана ў дзяржаўную ўстанову адукацыі “ Навадворская  сярэдняя школа” Шчучынскага раёна.  З 2005 года па сучасны момант дырэктарам навучальнай установы з’яўляецца Хвайніцкая Генаефа Іосіфаўна – таленавіты педагог, вопытны і мудры кіраўнік установы адукацыі.

Вучоба ў школе можа быць прыемным праводжаннем часу, карысным заняткам, нялёгкай працай, клопатам, але яна ажыццяўляе ў чалавеку глыбінную ачышчальную работу. Выпускнікі-медалісты з’яўляюцца гонарам і радасцю Навадворскай школы. Нашым сённяшім вучням ёсць над чым задумаццы і ёсць на каго раўняцца. Школа ганарыцца сваімі 38 “залатымі” і 42 “сярэбранымі” медалістамі.

У Навадворскай школе вучыцца нямала таленавітых дзяцей, якія ўдзельнічаюць у розных конкурсах і займаюць прызавыя месцы. Кажуць, для навукі патрэбен розум, для творчасці – фантазія. А ў вучняў Навадворскай школы ёсць і тое, і іншае.

У школе аграгарадка Новы Двор ёсць музей, які быў створаны дзякуючы намаганням настаўнікаў і вучняў. Сёння, музей – гэта адно з любімых і папулярных месцаў ва ўстанове адукацыі.

Паглядзець на экспанаты прыходзяць не толькі вучні школы, але і жыхары аграгарадка і вучні школ раёна. А паглядзець, сапраўды, ёсць на што. Экспанаты збіралі яшчэ нашы папярэднікі. Многія вучні прыносілі з дому старадаўнія рэчы, якія захаваліся яшчэ ад іх прадзедаў. Сабралі значную калекцыю, якая знаходзіцца ў асобным памяшканні.

Школьны музей быў заснаваны ў 1970 годзе. Вялікі ўклад у развіццё музея ўклаў Кавэцкі Станіслаў Сямёнавіч. Асноўная мэта дзейнасці музея – гэта: збіраць, зберагаць, вывучаць і прадстаўляць экспазіцыі, якія характарызуюць культуру, побыт, сацыяльныя адносіны і грамадскі лад Навадворскай зямлі з мэтай фарміравання актыўнай грамадзянскай пазіцыі вучняў школы. У асноўны фонд музея ўваходзіць 195 экспаната. Сярод іх каменныя сякеры першабытнага чалавека, вырабы са шкла, калекцыя папяровых грошаў, ручнікі і дываны ручной працы і яшчэ шмат чаго цікавага. Найбольш цікавым экспанатам музея з’яўляецца частка рыцарскага ўбрання, якая добра захавалася. Экспазіцыя музея складаецца з чатырох раздзелаў: “Мінулае Маёй Радзімы”, “Прадметы быта жыхароў вёскі Новы Двор”,”Ішла вайна народная”, “Новы Двор у мірны час”.

У музеі праходзяць экскурсіі і ўрокі гісторыі. Вельмі цікава слухаць аповяд экскурсавода пра далёкія падзеі і бачыць перад сабою нямыя сведкі мінулага. Нягледзячы на тое, што рэчы не размаўляюць, яны могуць шмат нам распавесці пра тое жыццё, якое сышло беззваротна.

У школьным музеі Навадворскай школыа адной з інтэрактыўных форм работы з музейнымі прадметамі і матэрыяламі з'яўляецца так званая ідэя стварэння «музея ў чамадане», якая сёння стала актыўна ўкараняцца ў практыку. Экспазіцыя змяшчаецца ў адным або некалькіх чамаданах з музейнымі экспанатамі, а таксама малюнкамі, тэстамі, фотадакументамі, слайдамі, фільмамі, творчымі заданнямі. У рамках праекта “Музей у чамадане” былі распрацаваны цікавыя экскурсіі з майстар – класамі. Наведвальнікам прапаноўваюць экскурсіі: “Пяць пісем з вайны”, “З гісторыі аднаго экспаната. Лапці”, “Запрашаем, госцікі, у хату нашу” .

свернуть

Туристический маршрут «ПО СВЯТЫМ МЕСТАМ НОВОДВОРСКОГО КРАЯ»

Туристический маршрут «ПО СВЯТЫМ МЕСТАМ НОВОДВОРСКОГО КРАЯ»

 

 

 

свернуть